Цікава атрымліваецца: эмоцыі ад паездкі ў Швэцыю засталіся пераважна станоўчыя, але каманда выступіла жахліва. Увогуле, усё, што тычыцца футболу, прыгадваць ня надта хочацца, бо прыгадваць асабліва і няма чаго. Пачыналася ўсё ранішнім пераездам да Берасьця, адкуль у 23-50 выпраўляўся наш аўтобус на Варшаву. Выехалі мы са Снайперам адмыслова самым першым цягніком: хацелася добра паблукаць па горадзе, ды й тарыфы на яго былі самыя нізкія. Заходняя брама Беларусі сустрэла нас дажджом, прычым даволі моцным. Тым ня менш, горад быў агледзены ўздоўж і ўпоперак. Гэта тычыцца і гарадзкіх вулак, і Брэсцкай крэпасьці, і чыгуначнага музея, нават тамтэйшага кінатэатра. Што сьмешна, у кінатэатр зайшлі прасушыць ногі, якія за дзень дужа прамоклі. Нельга не згадаць і яшчэ адзін цікавы выпадак: ідучы па адной з берасьцейскіх вуліцаў (вакол былі прыватныя дамы), я заўважыў, як ад збочыны пачынае рухацца машына (адносна новы Гольф). І рух той мне здаўся нейкім ненатуральным, настолькі, што я хутка зазірнуў праз задняе шкло ў салон і заўважыў, што кіроўцы за рулём няма!!!! А машына проста пакацілася сама, а перад ёй у 2 метрах прыпаркаваная яшчэ адна. Добра, што паверхня вуліцы была амаль гарызантальная, машыну спыніць я пасьпеў. Адкацілі са Снайперам назад, падперлі кола нейкім камянём. Хтосьці яшчэ скажа (ужо мусіў сказаць) нам вялікі дзякуй. Пасьведчаньне кіроўцы гаспадару (гаспадыні са сьветлымі валасамі?)))))) на Дзень Народзінаў мабыць падарылі. А ўвогуле пра Берасьце хочацца сказаць толькі адно: разам з Гародняй – самы прыгожы горад Беларусі. Ноч да Варшавы прайшла ў нейкім паўсьне, што пэрыядычна разьбіваўся памежнікамі. Сярод выбітных падзей можна ўзгадаць хіба што польскую мытню, калі мытны сабака, шукаючы наркату, спыніўся на сэкунду-другую каля Снайпераўскай валізы з рэчамі, сярод якіх быў і значны шматок роднага беларускага сала. Нягледзячы на пільнасьць сабакі, сала пасьпяхова перасякло беларуска-польскую мяжу. Клімат варшаўскі стаўся значна больш прыемным за беларускі.
 Першае, што кінулася ў вочы па прыезьдзе: пяшчотнае сонца ды месца вакол вакзала, што больш нагадвала рынак у Бангладэшы ці Віетнаме, чым адзін з раёнаў польскай сталіцы. Далей ішло па парадку: паездка на варшаўскім трамваі, агляд прыгожага гістарычнага цэнтра, перакусон у адным з цэнтральных сквераў, здаровы сон у залі чаканьня аэрапорта, пашпартны кантроль (дакладней яго фактычная адсутнасьць, што дужа мяне ўзрадвала: польскі шэнген з пазнакай “службовая паездка” усё ж мог выклікаць пытаньні, калі б дакументы правяралі не служачыя, а сапраўдныя памежнікі). Хуткі пералёт – і вось мы ў Мальмё. Дакладней, у прыгарадным аэрапорце. За праезд да горада (25 км) давялося заплаціць 10 ойра. Засяліліся ў хостэл, пайшлі глядзець горад. Нардычная аріхтэктура, ахайнасьць, парадак у самых маленькіх дэталях. І паўсюль ровары. Сотні і тысячы ровараў. Як сказаў швэд, у якога мы пыталіся пра пракат ровараў, у Мальмё ў кожнага ёсьць хаця б адзін. Веладарожкі з’яўляюцца такім самым абавязковым атрыбутам кожнай вуліцы, як і праезжая частка і ходнікі. І гэта пры ўсім пры тым, што значна частка месцкіх вуліцаў – старыя, аблепленыя добра захаванымі двухсотгадовымі гмахамі, вузкія праезды. У нас жа нават на нашых менскіх шырачэзных бульварах праблемна знайсьці веладарожку акрамя пары-тройкі сталічных вуліц. Застаецца спадзявацца, што з ростам колькасьці людзей на роварах у Беларусі з’явіцца і адпаведная інфраструктура. Мальмё горад прыгожы, дагледжаны. Я б мог там жыць))))): паркі, гістарычны цэнтр, шмат гандлёвых цэнтраў, крамаў, кавярняў, спартовых пляцовак, сыстэма каналаў, порт, мора і шмат чаго яшчэ цікавага. Усё не апісаць, таму проста глядізм фатаграфіі. Вернемся да футбольнай тэматыкі. Пад націскам новых уражаньняў мы амаль што забылі,што прыехалі на футбол, а не як турысты. Нагадвалі пра чэмпіянат Эўропы хіба што аб’явы – рэкламныя расьцяжкі, сьцягі, афішкі. Ніякага ажыятажу, як і прыкметаў фанаў іншых каманд (хаця яны там і не маглі быць, бо іншыя матчы праводзіліся не ў Мальмё). Фан-зона, арганізаваная даволі дабротна, збольшага заставалася пустой. Падчас нашых блуканьняў па горадзе ў першы ж дзень бачылі аўтобус з камандай, што праехаў ля нас на адной з вуліц, скіраваных да стадыёна. Іх (стадыёнаў) у Мальмё ажно 3: новы чыста футбольны прыгажун, стары гарадзкі стадыён (адназначна ня горшы за наш Трактар), на які мы нават нелегальна пралезьлі, а таксама невялічкі чыста футбольны стадыёнчык кшталту Дарыды, пры якім нават футбольнага клуба хутчэй за ўсё няма, але крытыя трыбуны тысячаў на 5-8, асьвятляльныя мачты ды ярка-зялёны газон прысутнічае. Вернемся да каманднага аўтобуса. Спрабавалі патрапіць на вячэрнюю трэніроўку зборнай. 2-мэтровы гарыла не пажадаў нас пушчаць, нягледзячы на неаднаразовыя просьбы. Заставалася чакаць аўторкавага матча. У аўторак, як мы і спадзяваліся, нарэшце на вуліцах гораду з’явіліся фанаты. Швэдзкай зборнай. Але было іх надзіва няшмат, у фан-зоне значнага ажыўленьня не назіралася. Прыцягвала ўвагу хіба што група хлопцаў, што тусілі з мегафонам і вялікай колькасьцю сьцягоў. Як высьветлілася, тое быў гурток актывістаў (хутчэй за ўсё, арганізаваны “зьверху”), што мусіў арганізаваць нейкае падабенства супорту на трыбуне за варотамі. Квіткі на сэктар бралі праз “АБФФ-Путешествіе”. Ня ведаю (хаця і здагадваюся), чаму так атрымалася, але было яшчэ дзьве купкі беларусаў, якія сядзелі зусім у іншых месцах, бо набывалі квіткі праз касы. Касяк федэрацыі… Па матчу запомнілася некалькі момантаў: 1)На стадыён прыйшлі з поўнымі, пухлымі заплечнікамі. Іх нават не адчынілі)))Трэба было браць піратэхніку, у неабмежаваных колькасьцях (праўда з улікам таго, што было беларусаў чалавек 20-30, а на стадыёне паўсюль камэры, потым бы нас хутка вызначылі, і спагнаньне ад УЕФА плаціла б не федэрацыя, а мы))))). Ды й хрэн зь ёй, піратэхнікай, а вось піва, нават гарэлку пранесьці можна было лёгка і трэба было, бо на стадыёне цэны на харчы былі даволі высокія. 2) калі хтосьці з беларусаў павесіў на агароджу бел-чырвона-белы сьцяг, прыйшла ахова стадыёна і пачала талдычыць пра тое, што УЕФА забараніла вешаць такую сімволіку. І пад шумок забаранілі ўсе банэры. Вось так, усё банальна і празаічна. А здаецца, самая дэмакратычная краіна Еўропы…А больш за ўсё злуе нават не тое, што забаранілі вешаць БЧБ, а тое, што, каб ім было менш галаўнога болю, нашы футбольныя функцэянэры вырашылі адным гакам усе банэры забараніць. Бо так прасьцей, ня трэба кожны асобна разглядаць і ацэньваць на момант цэнзурнай адпаведнасьці. Вельмі ў стылі беларускага чынавенства. Як вынік – абсалютна нейтральныя, чыста футбольныя банэры, нават клубныя!!! адсутнічалі на матчы. Пры тым што на супрацьлеглай трыбуне вісеў сьцяг нямецкіх колераў з назвай нямецкага горада, які да матча ніякага дачыненьня ня меў. Вось такія двайныя стандарты. 3)шведзкі супорт. Быў на абсалютна нулёвым узроўні. Мы ў 10 чалавек здаецца часьцяком перакрыквалі поўны стадыён, што пацьвердзілі тыя, хто глядзеў матч у Беларусі. Відавочна на ўзроўні зборных арганізаванай двіжухі няма, бо побач з намі сядзелі і проста глядзелі футбол ультрасы ФК Мальмё, ня разу сракі з месца не адарваўшы. У вышэйзгаданага гурта праплачаных энтузіястаў часам атрымлівалася разварушыць мёртвы стадыён на нейкія арганізавацыя деяньні, але вельмі рэдка. У той самы момант хочацца зазначыць вельмі высокую культуру паводзінаў на стадыёне – п’яных не было ўвогуле (акрамя беларускіх госьцяў))))), негатыўнага стаўленьня да суперніка таксама (хаця калі б дулі швэды – хто яго ведае, як бы было). Вельмі культурныя і выхаваныя ў жыцьцёвых сытуацыях швэдзкія тубыльцы і там, дзе здаецца сам Пан Бог загадаў брудна лаяцца матам і вар’яцець – на стадзе, паводзіліся вельмі прыстойна, амаль што камерна. Праўда, пасьля таго, як заўзятары пакінулі стадыён, засталіся сотні пачак ад чыпсаў ды банак колы. У нас канешне да гэтага ў Беларусі дадаюцца горы сЭмак (лушпаек), таму да такой карціны я, вядома, звыклы. Але там тое сьмецьце чамусьці выгладала недарэчна і дзіўна. Пра гульню нашай зборнай пісаць ня буду. На наступны дзень пасьля матча выправіліся ў Капэнгаген, дзе нас мусіла сустрэць мая былая аднагрупніца. Прыехалі на вельмі класным цягніку на цэнтральны вакзал, пачалі шукаць бясплатныя гарадзкія ровары. Не знайшлі. Першы ж чалавек, якога спыталі, дзе тыя ровары могуць быць, стаўся расейцам Уладам))))Які і прабадзяўся потым з намі цэлы дзень, пачаставаўшы півам за 10 ойра (пасьля таго, як мы, выпіўшы першыя о,5 за свой рахунак, даведаліся, колькі яно каштуе, і адмовіліся замаўляць яшчэ па адной)))). Увогуле, відавочна было, што Уладу (вось дзе сапраўдны рускі Ванька-дурак, не дурак, канешне, але такі ўжо праставаты хлапец, быццам з казкі вылез) сярод данаў цікавую кампанію знайсьці праблематычна, і ён з натхненьнем успрыняў факт нашай выпадковай сустрэчы і зьбіраўся як сьлед наваліцца алкаголем у славянскай кампаніі. Але ў нас планы былі іншыя, значна больш культурныя, чым мы хлопца яўна засмуцілі і ад нас адвадзілі. Пра сталіцу Даніі пісаць - атрымаеца не на адна старонка. Таму проста фоткі: Вярнуліся ў Мальмё увечары за дзень да матча. Сербаў у дзень гульні ў горадзе адшукаць было гэтаксама цяжка, як і швэдаў пару дзён таму. Мы ўжо былі падумалі, што з Сербіі менш за беларускіх фанаў прыехала супортэраў. І не памыліліся. Хаця на матчы прусутнічала каля 3 тысяч сербскіх заўзятараў. Але ўсе яны былі імігрантамі, перад стадыёнам стаялі сотні машын з швэдзкімі нумарамі і сербскай сімволікай. Фан-сэктар колькасьцю пару соцень чалавек, з двума споўкмэнамі, барабанам, выглядаў дужа салідна. Нон-стопінгу канешне мы не пачулі, але ўсё роўна сербы ёсьць сербы. ІМХО лепшы супорт на чэмпіянаце. Усе заўзятары, ня толькі фанаты, былі “на цветах”. Віселі разнастайныя банэры, ў тым ліку “Праўда за Ураша”. Вось яго і спрабавалі сьцягнуць ахоўнўнікі, калі дэлегаты УЕФА зразумелі, пра што той банэрок. Шчыра кажучы, калі пачалося перацягваньне каната-банэра (бо менавіта так гэта выглядала) паміж фанамі і аховай, я падумаў (і шчыра хацеў гэтага), што зараз хтосьці атрымае такіх люлей, што больш ніякіх банэраў (здарэньне на першай гульні з беларускімі банэрамі ўсё вярэдзіла душу) здымаць не захочацца. На жаль, для міліцыі (якой на матчы было пару дзесяткаў чалавек, а то і ўсяго 10)))) і сьцюардаў усё абышлося – яны вырашылі адступіць, відаць, зразумелі ўсю хісткасьць свайго становішча. Гульня была роўная, што і зафіксаваў лік на табло: 0-0. Далей яшчэ адзін дзень былі бадзяньні па горадзе, які вывучылі ўжо ня горш за родную сталіцу, адпраўка Снайпера дахаты, яшчэ адна мая паездка ў Капэнгаген. Нарэшце дабраўся я і да Хельсінборга. Горад вельмі кампактны, утульны. Стадыён часта футбольны, пасьля рэканструкцыі, спадабаўся нават больш за новую і функцыянальную мальмаўскую арэну. Мог стаць для нас шчасьлівым. Пасьля гола кісьляка ў гэта верылася. Але італьянцы былі мацней і заслужана перамаглі. Што датычыцца справаў на трыбунах, дык матч стаўся здаецца самым малалюдным на чэмпіянаце. Акрамя нейкага клоўна з мегафонам за варотамі на супраць нас, ніякай падтрымкі з боку італьянцаў не было. Начаваць мы зьбіраліся літаральна на вуліцы, у аднагрупніцы Волькі з сабой нават быў спальнік. Жаба ціснула аддаваць па 20 з херам ойра за адну ноч, прычым апошнюю на швэдзкай зямлі. Але беларускія фанаты, што былі там разам з намі (дзякуй Дзіме, нік 2baksa на нашым форуме, і яго сябрам), пусьцілі нас у свій гатэль, дык што дрыхлі як каралі. Спадзяюся, у мяне яшчэ будзе магчымасьць аддзячыць добрым людзям. Паездка дахаты прайшла без эксцэсаў. Вяртаўся хоць і засмучаны невыразнай гульнёй каманды, але ўсё ж такі на хвалі станоўчых эмоцый ад паездкі. Першы еўравыезд прабіты!!!
Прымацаванні: |